ДА́ХАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
будаўнічыя матэрыялы, з якіх робяць дахі будынкаў і збудаванняў. Характарызуюцца воданепранікальнасцю, мароза-, вогне- і вільгацеўстойлівасцю, трываласцю, лёгкасцю.
Адрозніваюць Д.м.: цвёрдыя (штучныя — лісты, пліткі), гнуткія (рулонныя, найб. пашыраны) і пластычныя (масцікавыя); сілікатныя (азбестацэментныя хвалепадобныя лісты і пліткі, гл. Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі; чарапіца, шыфер); арганічныя (драўняныя — гонта, драніцы, дошкі; бітумныя і дзёгцевыя — пергамін, руберойд, таль, палімерныя на аснове пластмас — плоскія і хвалепадобныя пліты з шклапластыкаў і інш.); металічныя (лісты дахавай сталі, алюмінію, цынку). Пластычныя Д.м. — бітумныя, бітумна-палімерныя і дзёгцевыя масцікі.
т. 6, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)